Цікавыя факты з жыцця падпольшчыцы Вольгі Герман.

Аўтар: Вераніка Канюта
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дачка і ўнучка Вольгі Герман ганарацца сваёй падпольшчыцай.

 

Жыццё Выратавала… прозвішча

У свае 24 гады Вольга Герман ужо была старшым аграномам Рагачоўскай МТС. Праз два гады — ішоў 1941 год — яе прынялі кандыдатам у члены партыі. Усё складвалася як па пісаным. А тут яшчэ — і доўгачаканы адпачынак, які заслужыла за паспяховае правядзенне палявых работ. Пакінуўшы дваіх дзяцей з бацькамі, Вольга прыехала ў Аўгустова, што ў былой Беластоцкай вобласці. Адпачынак у санаторыі ЦК КПБ пачаўся для яе 20 чэрвеня 1941 года.

А праз два дні ў санаторый завіталі «госці»… У адно імгненне дом адпачынку пераўтварыўся ў турму. Адзін дзень людзей дапытвалі немцы, другі лютавалі палякі-нацыяналісты. Пасля таго, як гітлераўцы захапілі канцылярыю, дзе знайшлі дакументы адпачывальнікаў, членаў партыі павезлі ў невядомым напрамку. Больш іх ніхто ніколі не бачыў. Сярод іх магла быць і Вольга Герман.

— Чаму ў вас нямецкае прозвішча? — спытаў яе фашыст.

— У мяне бацька быў немцам, а маці беларуска… — адказала яна.

Насамрэч, немцаў у іх родзе ніколі не было. У вёсцы Чырвонае, што ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе яна нарадзілася, добрая палова вяскоўцаў насіла прозвішча Герман. Хто ж ведаў, што некалі яно выратуе жанчыну ад смерці.

Дарога дадому

Пры дапамозе бургамістра горада Аўгустова Вольга Герман атрымала ад нямецкіх улад неабходны дакумент. У ім указвалася, што яна, немка па паходжанні, адпраўляецца на Радзіму. «Фрау Герман не можа ісці пешшу. Яна немка, чыстая арыйка і павінна ехаць на кані», — вырашыў адзін нямецкі афіцэр.

У сваіх успамінах Вольга падрабязна апісвае, якім складаным быў гэты шлях дадому. Па дарозе яна падвозіла людзей, падбірала дзяцей. Два доўгія месяцы дабіралася да Рагачова. Горад ужо быў акупаваны. Не знайшоўшы сваю сям’ю на старой кватэры, жанчына даведалася, што яе родныя збеглі на ўсход. Не знайшла і калег. Даходзілі чуткі, што многія сышлі ў лес і арганізавалі партызанскі атрад. Толькі дзе іх шукаць?

У эвакуацыі пад Сталінградам

Усю вайну Вольга Герман не знаходзіла сабе месца. Куды зніклі яе бацькі, тры сястры і дзве дачушкі, яна даведалася толькі ў 1944-м, калі родныя вярнуліся ў Рагачоў. Праўда, ужо не ўсе…

— У эвакуацыі мы былі пад Сталінградам, — успамінае Святлана Матро. — Сяло Чырвонае, што на заходнім беразе Волгі. Калі мы прыехалі, людзі там жылі заможна. Замест бульбы варылі яйкі, пяклі булкі. Пад нашу сям’ю аддалі вялікую залу. Дык на святы гэтае памяшканне было завалена булкамі.

Ім пашанцавала. Месіва, якое адбывалася пад Сталінградам, сяло ніяк не закранула. Вакол стралялі, бамбілі, а ні адзін немец за ўсю вайну ў вёску так і не зайшоў. Затое забойцамі сталі мышы. «Яны былі ўсюды: у каструлях, вёдрах, валасах, — успамінае жанчына. — Мы елі і лыжкамі адбіваліся ад мышэй. Самае страшнае, што мышы хварэлі на тыф. Мая бабуля памерла, а на ёй трымалася ўся сям’я. Калі пасля вызвалення Беларусі вярнуліся дадому, думалі, што засталіся і без мамы: нам сказалі, што яна загінула…»

Адмовіцца — значыць загінуць

Жыццё Вольгі Герман сапраўды вісела на валаску. Не паспела яна вярнуцца з санаторыя, як да яе на кватэру прыйшоў паліцай. Загадаў збірацца і кудысьці павёў. Аказалася, у гарадскую ўправу.

«Сваіх» супрацоўнікаў фашысцкія ўлады шукалі вельмі скрупулёзна. «Такімі прыгожымі жанчынамі могуць быць толькі арыйкі. Славянскім народам недасягальна такая прыгажосць», — рэзюмаваў пасля допыту нямецкі афіцэр. Ніколі не думала Вольга, што яна будзе ўдзячна бацьку не толькі за прозвішча, а і за тое, што 5 гадоў той правёў у сталінскіх лагерах.

Герман прапанавалі стаць галоўным аграномам раёна. Яна разумела, чым пагражае адмова, і, каб выйграць час, папрасіла падумаць. Не знайшоўшы рашэння, Вольга сабралася ісці ў лес. Не паспела: раней тэрміну прыйшоў паліцэйскі. Загад аб прызначэнні на пасаду агранома быў падпісаны без яе згоды.

 

У тыле ворага

Толькі вясной 1942 года ёй удалося звязацца з падпольшчыкамі. Жанчыну пазнаёмілі з кіраўнікамі падпольнага Рагачоўскага райкама партыі, які ўзначальваў Свярдлоў. Так пачалася падпольная дзейнасць Вольгі Герман.

Яна перадавала ў атрад разведданыя, спісы здраднікаў і іншую каштоўную інфармацыю, забяспечвала харчаваннем і неабходнымі рэчамі партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў раёне. На сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі выходзіла пад прыкрыццем паездак па працы. Падбірала аднадумцаў і ўладкоўвала іх да сябе на работу. Стварала патрыятычныя групы на прадпрыемствах, папярэджвала аб арыштах, падазраваных перапраўляла ў лес. Так яна выратавала ад голаду і пераправіла ў партызанскі атрад 17-гадовага сына яе сябра Мікалая Калінковіча, які, будучы камандзірам аднаго з першых знішчальных атрадаў у тыле ворага, загінуў у пачатку вайны. Яго выратаваны сын Леанід, пасля вайны начальнік кафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці аддзела ўнутраных спраў Мінскай вышэйшай школы МУС СССР, і сёння добрым словам успамінае Вольгу Герман.

Аднойчы акурат са сцяны ў кабінеце бургамістра падпольшчыца выкрала адзіную карту, на якой былі пазначаны ўсе адміністрацыйныя будынкі новых гаспадароў Рагачова. Каштоўнай для партызан была інфармацыя і пра плануемае наступленне 9-й нямецкай арміі, якая прыбыла ў горад. А калі разведчыкі групы «Арол» вымушаны былі сысці ў лес, разам з Кузьмой Дойлідавым яна ўзначаліла ўсю разведку ў Рагачове. А чаго каштавала Герман пераканаць гітлераўцаў не знішчаць сельскагаспадарчую тэхніку ў калгасах? Гэта ім яна казала, што, маўляў, вам жа потым спатрэбіцца. Сама ведала дакладна: пасля вызвалення Беларусі без тэхнікі не абысціся. У галодныя пасляваенныя гады многія былі ёй за гэта ўдзячныя.

Арышты

З сярэдзіны 1943 года працаваць падпольшчыкам стала цяжэй. Адзін за адным яны адпраўляліся ў «даліну смерці» — так рагачоўцы называлі месца на могілках, дзе расстрэльвалі людзей.

Пачалі сачыць і за Герман. Неўзабаве жанчыну арыштавалі. Абвінавацілі ў тым, што была заўважана там, дзе пасля з’яўляліся партызаны. На яе данеслі мясцовыя жыхары, якія лічылі Вольгу за здрадніцу. Але хутка жанчыну вызвалілі, папрасілі прабачэння — у апошні час фрау Герман унушыла давер начальніку гестапа Ментрапу.

— Мама была цікавай, адукаванай і прыгожай жанчынай, — расказвае дачка падпольшчыцы. — Не дзіва, што вакол яе ўвесь час мітусіліся маладыя немцы.

І каб засцерагчы сябе ад назойлівых прыставанняў, яна вымушана была выйсці замуж. Яе фіктыўным мужам стаў падпольшчык Кузьма Дойлідаў.

Тры разы Герман арыштоўвалі. І столькі ж ёй удавалася пазбегнуць фашысцкага пакарання. Толькі не ў чацвёрты. Восенню 1943 года на кватэру да падпольшчыцы ўварваліся фашысты. Нічога не знайшоўшы, жанчыну павялі ў гестапа. Разам з ёй арыштавалі і Кузьму Дойлідава. Усяго ў той дзень у турме апынулася каля 15 падпольшчыкаў. У гестапа Вольга сустрэла Марыю Самойлаву. Моцна закатаваная, тая нават сядзець не магла. Але Герман не выдала: маўляў, ёй яшчэ дзетак расціць. Падпольшчыцы паспелі перакінуцца некалькімі фразамі, і Вольгу перавялі ў іншую камеру. У наступны раз яна ўбачыла Марыю, калі яе безжыццёвае цела выносілі з камеры, — падпольшчыцу збілі да смерці.

«Лячэнне» па-фашысцку

Герман трапіла ў Бабруйскую крэпасць. У народзе казалі: лепш апынуцца ў Сібіры, чым там. У вялікай і глухой турэмнай камеры мясцілася столькі народу, што цяжка было і павярнуцца.

Як успамінала падпольшчыца, па сценах і на столі поўзалі вошы, падлога кішэла лічынкамі чарвякоў. Два разы на дзень зняволеным выдавалі па 100 грамаў хлеба з дамешкам касцявой мукі і паўлітра баланды з тоўчанай і нячышчанай бульбы. На дзяцей паёк не прадугледжваўся. Урачоў у турме не было. Людзей лячылі па-фашысцку: адпраўлялі на могілкі і там расстрэльвалі. Кожны дзень па некалькі трупаў выносілі і з камер. Ноччу ніхто не спаў: гестапаўцы выклікалі па 10—20 чалавек. Усе ведалі, што больш гэтых «абраных» яны не ўбачаць.

Амаль штодзень дапытвалі і Вольгу Герман. Яе не білі: чакалі інфармацыі з партызанскага атрада (там у гітлераўцаў былі свае людзі). Калі б пацвердзілася, што яна падпольшчыца, то Вольгу тут жа расстралялі б, калі ж не — адправілі б у Германію. Герман чакала расстрэлу: калі не за сувязь з партызанамі, то як хворая на каросту. Хваробу яна падчапіла ў першыя дні знаходжання ў камеры. Яна разумела: як толькі рукі пакрыюцца струпамі, яе заб’юць.

Уцячы з-пад Азарыч

Паколькі турма была перапоўнена, Вольгу Герман і яшчэ некалькі вязняў пераправілі ў канцлагер СС пад Азарычамі. Як найбольш моцная, яна працавала на кухні.

— Немцы ведалі, што Чырвоная Армія хутка пагоніць іх з тэрыторыі Беларусі, таму імкнуліся як мага больш знішчыць народу, — гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Мама пачала рыхтаваць уцёкі. Вывучыла зменнасць аховы, за баракам кухні схавала дошку. 18 студзеня 1944 года яна паклала дошку на электрызаваную агароджу і выбралася з лагера. Цудам дабралася да Бабруйска і схавалася ў падвале сваёй знаёмай. Праз некалькі дзён яе зноў арыштавалі. Вольгу выдала пяцігадовая дачка гаспадыні.

Другі раз, калі Герман бегла з лагера з групай мужчын, уцёкі ўдаліся. Усе яны ўліліся ў партызанскую групу Сямёнава, якая дзейнічала ў Бабруйскім і Глускім раёнах. Да баявой дзейнасці Вольгу асабліва не падключалі. Хапала працы і без таго: трэба было даглядаць параненых, гатаваць ежу.

Павага і сціплае званне

Пасля вызвалення Беларусі Вольга вярнулася ў Рагачоў. Сустрэлася з сям’ёй. Як і раней, працавала старшым аграномам. Але спакойнага жыцця так і не было… На яе працягвалі пісаць даносы, абвінавачваючы падпольшчыцу ў здрадніцтве. У 1946 годзе ўся сям’я была вымушана з’ехаць у Гродна.

Толькі на Гродзеншчыне, дзе яна нарадзілася, удалося наладзіць жыццё. Спачатку Вольга працавала ў лясгасе, потым аграномам і нават старшынёй калгаса «30 гадоў БССР». Сады, пасаджаныя Герман, і сёння красуюцца каля горада над Нёманам. Галоўнай Вольга была і дома. Яна стала мамай не толькі для абедзвюх сваіх дачок, а і малодшых сясцёр, якіх вывучыла і павыдавала замуж. На сваё асабістае жыццё часу не заставалася.

У памяць аб тых грозных гадах Вольга Герман мела медаль «За адвагу», павагу сярод падпольшчыкаў і сціплае званне ўсяго толькі партызанскай сувязной. Хоць тое, што яна зрабіла для савецкага падполля, безумоўна, заслугоўвае большага звання… Яе не стала ў 63 гады.